- Аўтар: Максім Танк
Пагодным летнім ранкам
На лузе за сялом
Сустрэўся жук аднойчы
З рагатым слімаком.
— Здарова! — жук вітае.—
— Куды, браток, ідзеш?
I з ракавіны хатку
Нашто з сабой нясеш?
Абцёр слімак пот з твару,
Гаворыць так жуку:
— Нямала перажыць мне
Прыйшлося на вяку.
То сцюжа, то марозы,
То навальніца, дождж,
То часам у дарозе
Захопіць змрок і ноч.
Шукай тады начлегу
Пад нейкім пад кустом...
Вядуць размову гэтак
I раптам чуюць — гром.
Ударыў дождж краплісты.
I жук пабег шукаць
У засені цяністай
Шырокага лістка.
Але на цэлым лузе
Няма страхі нідзе,
I мокры, ледзь жывы ён
Да слімака ідзе.
— Пусці, браток, пагрэцца.
Змок дужа на лугу,
Насіць за гэта хатку
Табе дапамагу.
У ракавіне шчыльнай
Вандроўнікі сядзяць.
Іх нават дождж краплісты
Не зможа ў ёй дастаць.
Але мінулі хмары,
I сонца ўстала зноў.
Жук хатку слімакову
Пакінуў і пайшоў.
Забыўся пра нягоды,
I не наўме жуку,
Што абяцаў паднесці
Ён хату слімаку.
- Аўтар: Мікола Хведаровіч
Свеціць, як сонца,
Ад самай калыскі
Вобраз любімы,
Родны і блізкі.
Маміна імя
Самае лепшае,
Маміна слова
Найдаражэйшае.
Мама! Матуля! —
Чароўнае слова
Песняй ласкавай
Гучыць на ўсіх мовах.
- Аўтар: Іван Гурбан
У садку хлапчук малы
Чуе ціхі звон пчалы:
- Я руплівая пчала,
Дзе я толькі не была?!
Дзень пры дні
Імчу ў палёт
І збіраю
З кветак мёд.
І дамоў з мядком лячу –
Людзям доўг
Аддаць хачу:
Вулей нам яны далі,
Каб мы радасна жылі,
Каб не сек
Ні дождж,
Ні град,
Не завеяў снегапад…
Зноў я зараз палячу,
Даць мядку табе хачу!..
- Аўтар: Андрэй Хадановіч
У ароніі жыве
Маленькая жабка.
У яе на галаве
Гумавая шапка.
А на лапках у яе
Гумавыя боты.
Жабка весела пяе,
Бо няма работы.
А за жабкай наўздагон
Скача жабянятка:
Шчасьця, радасьці вагон,
Бо няма занятку.
«Справы, - кажа, - не мае.
Я яшчэ зялёны».
Гэтым дрэнны падае
Прыклад для Алёны.
- Аўтар: Леанід Шырын
Верабейка ў лужу ўскочыў,
Растапырыў крылцы.
Пакупацца, мусіць,
Хоча
Ды прастыць
Баіцца.
- Гэй, не бойся! -
Я крычу
Са свайго аконца. –
Не прастудзішся,
Дзівак,
Там жа ў лужы сонца!
Шаноўныя сябры! Усе матэрыялы сайта ўзятыя з адкрытых крыніц інтэрнэта.
Калі змяшчэнне нейкага кантэнта парушае Вашыя аўтарскія правы, калі ласка, паведаміце пра гэта на мэйл malecha.by@yandex.ru ці праз форму зваротнай сувязі.
Калі вы маеце цікавы матэрыял ці інфармацыю пра падзеі для дзетак, які можна дадаць на наш сайт, калі ласка, падзяліцеся з намі.
Дзякуй!