І зусім

Не крыллем птушкі —

Языкамі лапатушкі,

Хутка мовячы, лапочуць,

Сакатушкамі сакочуць.

 

 

* * *

Бач,

Як навастрылі вушкі

Хуткамоўкі-балбатушкі.

І балбочуць, і якочуць.

Ці не збегчы з дому хочуць?

 

* * *

 

У нябачанай кватэры

Дзверы

Зробіма з паперы.

Хуткамоўкі змоўкнуць крышку,

Покуль не адчынім кніжку.

 

* * *

 

Пасвішчы на пасвішчы,

Курапатак пасвячы.

А, каркуючы карчы,

Пра харчы карцу крычы.

 

* * *

 

Спакойна шпакоўню ціхую

Шукае шпак са шпачыхаю.

 

* * *

 

Ехалі ў вясёлаё згодзе

Параход на карагодзе,

Карагод на параходзе.

Ім казала пара: годзе!

 

* * *

 

Калі жывеш на хутары,

З кампутарам пагутары.

 

* * *

 

Не наступі на золку

На золкую зёлку.

 

* * *

 

Каштуе колькі колкі

Кончык іголкі?

 

* * *

 

Каню не кажы,

Што канюшына ў кашы.

 

* * *

Рэха вывалілася з арэха

І паехала ў рэхава.

 

* * *

 

Мулка зроку ў змроку,

Гулка ўранні кроку.

 

* * *

 

Звалілася з вяза ваза,

А з бука

Азбука.

 

* * *

 

У Клічава сваё клічава.

У Крычава сваё крычава.

У Лепеля сваё лепліва.

 

У Магілёва сваё імглёва.

Шаноўныя сябры! Усе матэрыялы сайта ўзятыя з адкрытых крыніц інтэрнэта.
Калі змяшчэнне нейкага кантэнта парушае Вашыя аўтарскія правы, калі ласка, паведаміце пра гэта на мэйл malecha.by@yandex.ru ці праз форму зваротнай сувязі.
Калі вы маеце цікавы матэрыял ці інфармацыю пра падзеі для дзетак, які можна дадаць на наш сайт, калі ласка, падзяліцеся з намі.
Дзякуй!