Гумовыя боты
- Аўтар: Андрэй Бай
Пустою стаяла лужынка.
На сонейку грэлася ружанька.
Мы вельмі чакалі дождж.
А мама варыла боршч.
Ніводнай хмурынкі над лужынкай.
Паціху завяла ружанька.
Стаміліся клікаць дождж.
І з’елі да кроплі боршч.
Сумуюць гумовыя боты.
Новым ботам няма работы.
Перад сном
- Аўтар: Андрэй Бай
Мы паглядзелі ўсе ў акно.
Там анічога не відно.
Хіба што свецяць ліхтары,
Машыны ездзяць па двары,
На сценах жоўтыя квадраты
І месяц з зоркамі над хатай.
А так нічога не відаць,
Бо класціся патрэбна спаць.
Развітанне
- Аўтар: Анатоль Грачанікаў
Бывай, бывай, дзіцячы сад!
Ужо нас кліча школа.
3 нас сёння кожны вельмі рад
І трошкі — невясёлы.
Бо развітацца нам пара.
Час хутка пралятае.
Няхай другая дзетвара
Без нас тут падрастае.
А вам — пашана і любоў
І дзякуй вам таксама,
Усім, хто гэтулькі гадоў
Расцілі нас, як мамы!
Сава
- Аўтар: Васіль Вітка
Чые ноччу ў гушчары
Зіхацяць два ліхтары?
Хто ўсю ноч гагоча,
Спачываць ня хоча?
Хто, пабачыўшы святло,
Хутчэй лезе ў дупло?
Хто адкажа мне? Раз, два...
- Крывадзюбная сава!
Кавалеры
- Аўтар: Алесь Пісьмянкоў
Рады я,
І рад
Мой брат:
Нам купілі
Самакат!
I цяпер
Суседка Надзя
З намі дружыць,
З намі ладзіць,
А яе сяброўка Лера
Лічыць нас
За кавалераў.
Шаноўныя сябры! Усе матэрыялы сайта ўзятыя з адкрытых крыніц інтэрнэта.
Калі змяшчэнне нейкага кантэнта парушае Вашыя аўтарскія правы, калі ласка, паведаміце пра гэта на мэйл malecha.by@yandex.ru ці праз форму зваротнай сувязі.
Калі вы маеце цікавы матэрыял ці інфармацыю пра падзеі для дзетак, які можна дадаць на наш сайт, калі ласка, падзяліцеся з намі.
Дзякуй!