Сурвэткі
- Аўтар: Сяржук Сокалаў-Воюш
Елі піцу два браты –
Я і ты,
Пазапэцкалі раты
Я і ты.
А на вопратцы таксама:
Плямы, плямы...
І сказала мама нам –
Двум "панам":
– Каб ня брудзіліся дзеткі,
Ёсьць сурвэткі!!!
Калядныя зоркі
- Аўтар: Сяржук Сокалаў-Воюш
Злятаюць з нябёсаў сняжынкі
На поле, на лес, на будынкі,
Ляцяць на лагчынкі, на ўзгоркі,
Мігцяць як калядныя зоркі.
Саўка за сталом
- Аўтар: Эдзі Агняцвет
Ляжаць ля талеркі
відэлец і нож.
Дзве чыстыя лыжкі ляжаць.
— Ну і што ж?
Ляжаць — хай ляжаць, іх не буду чапаць.
Яны ж не чапаюць мяне і маўчаць.
З талеркі ён сёрбае крупнік — ой-ой!
Кавалачак мяса хапае рукой.
Ён пальцамі ловіць у шклянцы кампот,
Абрусам ён выцер і шчокі і рот.
Відэлец не ўцерпеў:
— За цэлы мой век
Мне трапіўся першы такі чалавек!
Ускочыла лыжка
I ну рагатаць:
— Хі-хі, ха-ха-ха,
Ён дурненькі, відаць!
Саскочылі разам яны са стала —
Ніякая сіла спыніць не магла.
Відэлец, і лыжка, і нож — ля дзвярэй.
Збянтэжыўся Саўка:
— Чакайце, э-гей! Усе уцякаюць, вяртацца не хочуць.
— Хі-хі, ха-ха-ха! — толькі лыжкі рагочуць.
Калядоўнікі
- Аўтар: Сяржук Сокалаў-Воюш
Мароз на вокнах піша казку,
А людзі апранаюць маскі
І йдуць на двор калядаваць –
Усіх са святам віншаваць
Дарункі ім даюць за тое:
Сыры, каўбасы і напоі.
Восень
- Аўтар: Якуб Колас
Пуста ў лузе. Толькі стогі
Парыжэлыя стаяць,
Ды шпакі каля дарогі
Цэлы дзень адно крычаць.
Грэчка зжата. Гола ў полі.
Жыта звезена даўно.
Толькі плаваюць на волі
Кучы хмар, як валакно.
Дожджык сее беспрастанку;
Вецер свішча так, як звер...
Колькі лужын каля ганку!
А гразі, гразі цяпер!..
Ссохлі травы, ўсё павяла.
Слоць, плюхота, холад, цьма.
Эх, хутчэй бы закрывала
Зямлю чорную зіма!
Шаноўныя сябры! Усе матэрыялы сайта ўзятыя з адкрытых крыніц інтэрнэта.
Калі змяшчэнне нейкага кантэнта парушае Вашыя аўтарскія правы, калі ласка, паведаміце пра гэта на мэйл malecha.by@yandex.ru ці праз форму зваротнай сувязі.
Калі вы маеце цікавы матэрыял ці інфармацыю пра падзеі для дзетак, які можна дадаць на наш сайт, калі ласка, падзяліцеся з намі.
Дзякуй!