Пагодным летнім ранкам

На лузе за сялом

Сустрэўся жук аднойчы

З рагатым слімаком.

—   Здарова! — жук вітае.—

—   Куды, браток, ідзеш?

I з ракавіны хатку

Нашто з сабой нясеш?

Абцёр слімак пот з твару,

Гаворыць так жуку:

— Нямала перажыць мне

Прыйшлося на вяку.

То сцюжа, то марозы,

То навальніца, дождж,

То часам у дарозе

Захопіць змрок і ноч.

Шукай тады начлегу

Пад нейкім пад кустом...

Вядуць размову гэтак

I раптам чуюць — гром.

Ударыў дождж краплісты.

I жук пабег шукаць

У засені цяністай

Шырокага лістка.

Але на цэлым лузе

Няма страхі нідзе,

I мокры, ледзь жывы ён

Да слімака ідзе.

— Пусці, браток, пагрэцца.

Змок дужа на лугу,

Насіць за гэта хатку

Табе дапамагу.

У ракавіне шчыльнай

Вандроўнікі сядзяць.

Іх нават дождж краплісты

Не зможа ў ёй дастаць.

Але мінулі хмары,

I сонца ўстала зноў.

Жук хатку слімакову

Пакінуў і пайшоў.

Забыўся пра нягоды,

I не наўме жуку,

Што абяцаў паднесці

Ён хату слімаку.

Шаноўныя сябры! Усе матэрыялы сайта ўзятыя з адкрытых крыніц інтэрнэта.
Калі змяшчэнне нейкага кантэнта парушае Вашыя аўтарскія правы, калі ласка, паведаміце пра гэта на мэйл malecha.by@yandex.ru ці праз форму зваротнай сувязі.
Калі вы маеце цікавы матэрыял ці інфармацыю пра падзеі для дзетак, які можна дадаць на наш сайт, калі ласка, падзяліцеся з намі.
Дзякуй!