Закруціў будзільнік вус.
Перастаў гудзець гудок.
Ад хлусні стаміўся хлус.
Лёг мядзведзь на левы бок.
Свой пакінуў сонны трон
Сонаў сын — самотны сон.
Не спяшаецца нідзе,
Добрых дзетак спаць кладзе.
Каб шукаць патайны клад,
Запаліла ноч ліхтар.
Вечар збег за далягляд.
Спаць плывуць чароды хмар.
Калыхаў калыску дзед
І заснуў, як немаўля.
Спаць уцёк заечы след.
Спяць нябёсы, спіць зямля.
Мышы спяць і спяць каты.
Засынай ў цішы і ты...