- Аўтар: Кася Глухоўская
Спіць сава ў лістоце шатаў, (рух плечыкамі наперад, наперад, наперад – і назад расправілі)
Круціць пысай лось губаты, (галавой налева і направа, потым кола)
Чапля ў ладкі стала пляскаць, (рукамі-“крыламі” разводзім шырока-шырока на ўдых і рэзка зводзім перад сабой на выдых)
А ля норкі танчыць ласка, (круцім усім целам, паварочваючы ў бакі)
Вожык тупае праз мох (тупаем ножкамі, перавальваемся)
Размінае лапы воўк (збіраем рукі ў "замок" і круцім імі).
Ды паўзе ў лагчынах зранку
Змейка тонкая - мядзянка (звіваемся ўсім целам нібы змейка).
- Аўтар: Кася Глухоўская
Ложак добранька заслалі, (нахіляемся, рукі разводзім у розныя бакі)
Пацягнуліся, як след. (на дыбачкі ўверх, цягнемся)
Навукоўцамі мы сталі – (паказваем, як гартаюць кнігу і галавой улева-ўправа)
Вывучаем гэты свет. (паказваем, як трымаем лупу, набліжаем і аддаляем галаву – наперад і назад)
У гісторыю мы крочым, (хадзьба на месцы, высока ўзнімаем ногі)
У мінулае бяжым, (бег на месцы, спрабуем пяткай дакрануцца да сцёгнаў)
Каб пабачыць дні, і ночы, (дзень паказваем, адхіляючыся назад і раскрываючы рукі, ноч – прысядаючы і закрываючы твар далонькамі)
І народ, які тут жыў (паказваем ручкамі на сябе, потым вакол).
- Аўтар: Кася Глухоўская
На страсе прачнуўся бусел, (далонькі на твар, потым адымаем)
Доўгай шыяй пацягнуўся, (цягнемся галавой, носікамі дагары)
Распрастаў шырока крылы – (разводзім рукі ў розныя бакі)
Пёркі ветрам закруціла (круцім далонямі, пальчыкамі).
А на двор бяжыць сабачка, (тупаем ножкамі, рукамі дапамагаем бегчы),
Круціць хвосцікам там качка, (круцім попамі, распрацоўваем пазваночнік, талію, суставы),
І выходзіць - рукі ў бокі –
Гаспадар да іх высокі. (паважна выступаем, рукі ў бокі, спіна раскрытая, роўная, галава высока задраная).
Шаноўныя сябры! Усе матэрыялы сайта ўзятыя з адкрытых крыніц інтэрнэта.
Калі змяшчэнне нейкага кантэнта парушае Вашыя аўтарскія правы, калі ласка, паведаміце пра гэта на мэйл malecha.by@yandex.ru ці праз форму зваротнай сувязі.
Калі вы маеце цікавы матэрыял ці інфармацыю пра падзеі для дзетак, які можна дадаць на наш сайт, калі ласка, падзяліцеся з намі.
Дзякуй!