Пасвіўся на лузе бык. Убачыў ён каля рэчкі туман і напужаўся: падумаў, што зямля і вада гараць.

 «Пабягу я лепш адгэтуль на край свету!»— парашыў бык. Задраў хвост і пабег. Сустрэўся яму на дарозе казёл:

— Бык, куды бяжыш?

— На край свету.

— Чаго?

 — У нас зямля і вада гараць. Баюся, каб і мне не згарэць.

— Пабягу і я з табою.

— Бяжы.

Бягуць яны, а насустрач ім парсюк:

— Куды бежыце?

— На край свету: у нас зямля і вада гараць! Баімся, каб і нам не згарэць.

— I я з вамі пабягу.

— Бяжы.

Бягуць яны ўтрох. Сустракае іх гусак.

— Куды бежыце?

— На край свету: у нас зямля і вада гараць!

Баімся, каб і нам не згарэць.

— I я з вамі пабягу.

— Бяжы.

Бягуць яны ўчатырох. Сустракае іх певень.

— Куды бежыце?

— На край свету: у нас зямля і вада гараць...

— I я з вамі пабягу.

— Бяжы.

 Беглі, беглі, прыбеглі ў лес. А тут і зіма надыходзіць. Бык кажа:

—Ну, хопіць бегчы: зімою зямля не загарыцца.

Давайце будзем хату рабіць ды запасы на зіму рыхтаваць.

Парсюк кажа:

 — Мне хата не трэба: я выкапаю сабе яму, нанашу туды моху на падсцілку, жалудоў на харч ды буду зімаваць. Мне і так цёпла будзе!

Казёл кажа:

— А я карою пракармлюся, у дупле пагрэюся.

— А ты, гусак?— пытаецца бык.

— У мяне пер'е цёплае, я дзюбу ў яго схаваю ды

так і перазімую.

— А ты, певень?

— А мне што, я і пад ялінкаю перазімую.

Што рабіць? Узяўся бык адзін хату будаваць. Нанасіў бярвення, моху, збудаваў цёплую хату і жыве сабе ў ёй без бяды.

 Насталі лютыя маразы. Парсюк круціўся, круціўся ў яме, не вытрымаў ды пайшоў да быка:

— Пусці, бык, у хату: сцюдзёна вельмі.

— Не,— кажа бык,— не пушчу: ты ў мох закапаешся, табе і так цёпла будзе!

 — Калі не пусціш,— кажа парсюк,— дык я падкапаю лычом падрубу — твая хата абернецца, ды яшчэ і цябе самога задушыць.

 Напужаўся бык: хочаш не хочаш, трэба пускаць парсюка ў хату...

 — Ну, добра,— кажа,— ідзі: удвух весялей будзе.

На другі дзень прыходзіць казёл:

— Пусці, бык, у хату.

— Навошта табе хата? Ты ў дупле перазімуеш!

— Ну, калі не пусціш, дык я разганюся, стукну рагамі ў сцяну і праб'ю дзірку: мароз залезе ў хату, табе холадна будзе.

Што рабіць — пусціў казла.

 — Добра,— кажа,— хата ў мяне не малая: хопіць і траім месца.

На трэці дзень прыходзіць гусак:

— Бык, бык, пусці ў хату пагрэцца!

— Не пушчу!

— Чаму?

— У цябе пер'е цёплае, ты ў яго дзюбу схаваеш ды так і перазімуеш.

 — Ну, калі не пусціш, дык я дзюбаю ўсю страху расцягаю, табе холадна будзе.

Спужаўся бык — пусціў і гусака.

На чацвёрты дзень прыходзіць певень:

— Пусці, бык, у хату!

— А хіба табе пад ялінкаю не цёпла?— засмяяўся бык.— Не пушчу! У мяне ўжо і так цесна.

— А калі не пусціш, дык я ўзлячу на гару і ўвесь пясок са столі зграбу: дух з хаты праз столь выйдзе, ты замерзнеш.

Спужаўся бык — пусціў і пеўня. Жывуць яны ў хаце ўпяцёх. Ідзе мядзведзь. Убачы хату.

— Хто тут жыве?— пытаецца.

— Бык, казёл, парсюк, гусак і певень,— адказваюць з хаты.

— Пусціце і мяне пагрэцца.

— Не, не пусцім. Ты нам не кампанія.

Мядзведзь стукнуў лапаю ў дзверы, праламаў іх і ўвайшоў у хату. Тут бык выставіў рогі ды прыпёр мядзведзя да сцяны. А казёл давай яму рагамі ў бок лупіць, а парсюк зубамі за жывот ірваць, а гусак у нос дзяўбці... А певень узляцеў на лаву ды давай крычаць: «Кудах-кудах! Куды-куды!» Ледзьве жывым выскачыў з хаты няпрошаны госць — мядзведзь. Ідзе ён кульгаючы па лесе, сустракае ваўка.

 — Дзе быў, сусед? — пытаецца ў яго воўк.— Чаму ты такі хмуры?

 — Ой,— кажа мядзведзь не сваім голасам,— трахіў я да страшэнных разбойнікаў. Адзін мяне віламі да сцяны прыціснуў — не павярнуцца. Другі ражнамі ў бок таўчэ. Трэці абцугамі кішкі выцягвае. Чацвёрты прутком у нос коле. А пяты, у чырвонай шапачцы, ззаду шабля крывая, на нагах шпоры, бегае па лаве ды ўсё крычыць: «Падай, падай яго сюды!» Добра, што я ўцёк, бо не ведаю, што б гэты разбойнік зрабіў са мною...

 

З таго часу больш ні мядзведзь, ні воўк у тую хату зазіралі.

Шаноўныя сябры! Усе матэрыялы сайта ўзятыя з адкрытых крыніц інтэрнэта.
Калі змяшчэнне нейкага кантэнта парушае Вашыя аўтарскія правы, калі ласка, паведаміце пра гэта на мэйл malecha.by@yandex.ru ці праз форму зваротнай сувязі.
Калі вы маеце цікавы матэрыял ці інфармацыю пра падзеі для дзетак, які можна дадаць на наш сайт, калі ласка, падзяліцеся з намі.
Дзякуй!