Жыла-была муха-пяюха. Мела яна каляску і шэсць камароў. Запрэгла муха - пяюха камароў у каляску ды паехала на пагулянку. Едзе яна дарогаю, едзе шырокаю — бяжыць мышка:

— Добры дзень, пані! Як паню зваць-велічаць?

— Я муха-пяюха. А ты хто?

— А я на паліцах скрабатуха.

— Сядай, паедзем разам.

Едуць яны дарогаю, едуць шырокаю — скача жабка:

— Добры дзень, панове! Як вас зваць-велічаць?

— Муха-пяюха. Па  паліцах скрабатуха. А ты хто?

— А я па сажалках рагатуха.

— Сядай паедзем разам.

Едуць яны дарогаю, дуць яны шырокаю — на галінцы вавёрка:

— Добры дзень, панове! Як вас зваць-велічаць?

— Муха-пяюха. Па паліцах скрабатуха. Па сажалках рагатуха. А ты хто?

— А я па елках скакуха.

— Сядай, паедзем разам.

Едуць яны дарогаю, едуць шырокаю — бяжыць заяц:

— Добры дзень, панове! Як вас зваць-велічаць?

— Муха-пяюха. Па паліцах скрабатуха. Па сажалках рагатуха. Па елках какуха. А ты хто?

— А я праз дарогу скок.

— Сядай, паедзем разам.

Едуць яны дарогаю, едуць шырокаю — ідзе воўк:

— Добры дзень, панове! Як вас зваць-велічаць?

— Муха-пяюха. Па паліцах скрабатуха. Па сажалках рагатуха. Па елках скакуха. Праз дарогу скок. А ты хто?

— А я галодны воўк. Усіх вас паем.

 

Пачулі гэта камары, падняліся ўгору і паляцелі разам з каляскай. А галодны воўк паляскаў зубамі і пайшоў далей ні з чым.

 

 

 

Шаноўныя сябры! Усе матэрыялы сайта ўзятыя з адкрытых крыніц інтэрнэта.
Калі змяшчэнне нейкага кантэнта парушае Вашыя аўтарскія правы, калі ласка, паведаміце пра гэта на мэйл malecha.by@yandex.ru ці праз форму зваротнай сувязі.
Калі вы маеце цікавы матэрыял ці інфармацыю пра падзеі для дзетак, які можна дадаць на наш сайт, калі ласка, падзяліцеся з намі.
Дзякуй!